І хутка пупышкі на дрэвах,
нібыта жукі, распусцяць крылы,
і ў рукі пялёстак упадзе,
калі ты падымеш руку
махнуць праз дарогу:
“Прывітанне, пяшчота!”
На ўсіх святлафорах чырвонае —
стой, пачакаюць твае варыянты й сумневы,
вунь чайка і сонца заход —
значыць, блізка мора,
бо сонца заўсёды садзіцца над морам
і над морам устае.
А значыць, пялёсткі падаюць на зямлю,
каб табе басанож па іх крочыць,
а значыць, табе даўно вядома дарога.
Пупышкі на дрэвах
распусцяць крылы пасля сакавіцкага снегу —
і ты зможаш.